Краязнаўчы праект «Былое ў сучасным»

Пасля невялікага перапынку мы працягваем!

 

Дом Цві Шофара.
Вул. Карла Маркса (гіст.назва Бернардынская) д. 17 і д. 1 па вул. Садовай

Гісторыя гэтых дамоў, сям’і, якая жыла ў іх у даваенны час, усплыла дзякуючы таму, што Літаль, школьніца з Ізраіля, атрымала заданне скласці генеалагічнае дрэва сваёй сям’і. За дапамогай яна звярнулася да дзядулі Хаіма Шофара. Любоў да ўнучкі і разуменне таго, што прыйшоў час расказаць усё, заставілі Хаіма, перамагаючы боль, у сваіх успамінах зноў апынуцца ў далёкім і родным сэрцу мястэчку Іўе, у тым далёкім даваенным часе.

Бацька Хаіма, Цві(Хірш) Шофар, 1885 года нараджэння, жаніўся на дваццаціпяцігадовай Нехаме, дачцэ Саймона і Шулы Молод з Івянца. Яны пазнаёміліся ў 1914 годзе, калі Цві праходзіў службу ў польскай арміі. Вяселле адбылося праз год, і Цві прывёз сваю маладую жонку ў Іўе, яны пасяліліся ў доме, які стаяў на перакрыжаванні вуліц Бернардынскай і Садовай (сучасная назва). У 1916 годзе ў сям’і з’явіўся першы сын – Пінхас (Піня), а затым сыны — Хаім, Шрага, Дов, дачка – Мір’ям. Цві Шофар займаўся гандлем: ездзіў па навакольных вёсках і скупліваў лён, збожжа, затым перапрадаваў у мястэчку. Нехама вяла хатнюю гаспадарку, займалася дзецьмі, пякла хлеб. Часам яна прадавала малако і масла. Раненька яна стукала ў дзверы сваіх пастаянных пакупнікоў, віталася з імі на ідыш. Пагэтаму мясцовыя жыхары называлі яе не інакш як Гутморгн. Дзеці наведвалі яўрэйскую школу. Сям’я прытрымлівалася рэлігійных законаў і абрадаў іудаізма.

Бяда прыйшла раптоўна. Пажар 1929 года знішчыў ўсё, што мела сям’я Шофар: два дамы, гаспадарчыя пабудовы, маёмасць, як і большую палову драўляных забудоў усяго мястэчка. І Цві з Нехамай пачалі ўсё спачатку. Нехама пачала браць заказы на мыццё адзення, бялізны. І ў 1932 годзе сям’я Цві Шофара пераехала ў новы дом. Два старэйшыя сыны пры дасягненні 15-годдзя завяршылі вучобу і сталі добрымі памочнікамі сваім бацькам. Цві купіў кожнаму па кані і павозцы. Такім чынам сям’я Шофар змагла аб’язджаць больш вёсак і набываць больш тавару. Гандаль прыносіў вельмі добры даход.

У 1940 годзе ў сям’ю Шофар зноў прыйшла бяда: Нехама моцна захварэла, у яе была пнеўманія. Выратаваць яе не ўдалося.

У хуткім часе Хаіма прызвалі ў Чырвоную Армію. На вакзале яго праводзіла ўся сям’я, шматлікая радня, сябры, суседзі. Хаім тады не мог і падумаць, што бачыць іх у апошні раз, што прызыў на вайсковую службу выратуе яму жыццё, і што вернецца ён у Іўе толькі праз 52 гады. Абараняў Маскву, у 1943 годзе ён быў моцна ранены. Застаўся ў жывых і яго старэйшы брат Піня, ён паспеў эвакуіравацца. Два браты, адразу пасля вызвалення Іўя, напісалі лісты да сваёй сям’і. Мясцовы пачтальён перадаў іх Міхаілу Меламеду, які і паведаміў братам Шофар аб той жудаснай трагедыі, якая здарылася з усім яўрэйскім насельніцтвам Іўя. Пенхас знайшоў Хаіма у госпіталі. Але браты так і не змаглі, не знайшлі ў сябе сілы наведаць Іўе, не адразу, калі даведаліся аб гібелі родных, ні тады, калі на доўгім шляху у Ізраіль, апынуліся ў 10 км ад Іўя. Боль страты не даваў у апошні раз глянуць на апусцелы родны горад, на знаёмыя вулачкі, на дом, які ўжо ніколі не напоўніцца галасамі і смехам родных людзей.

Такую гісторыю пачула Літаль з вуснаў дзеда. Яе радавод дапоўніўся яшчэ двума каленамі, новымі імёнамі, такімі рознымі, дагэтуль невядомымі, толькі вось ва ўсіх іх па лініі дзядулі стаяла аднолькавая дата смерці – сям’я Шофар з Іўя 12 мая 1942 года, сям’я Молод з Івянца 9 чэрвеня 1942 года.

Упершыню Хаім наведаў Іўе ў 1992 годзе. А ў 2003 годзе разам з Хаімам прыехала дачка Нехама і ўнучка Літаль.
У пасляваенны час дом № 17 па вуліцы Карла Маркса і дом №1 па вуліцы Садовай сталі зноў жылымі.
Зараз у доме №17 адчынены кветкавы магазін, уладальнікам якога з 2002 года з’яўляецца Гушча Дзмітрый Станіслававіч.
Такімі звесткамі валодае музей. Мы будзем вельмі ўдзячны ўсім, хто дапоўніць або выправіць нашу інфармацыю, падзеліцца фотаздымкамі (зразумела, арыгіналы мы вам вернем), дапаможа нам і стане ўдзельнікам краязнаўчага праекта “Былое ў сучасным”. Не абавязкова ісці да нас, можна звязацца з намі па тэлефоне 6-80-35.
Адновім і захаваем гісторыю Іўя для нашчадкаў разам!

Хаім Шофар з унучкай Літаль Дом Цві Шофара па вул. Садовая Дом Цві Шофара па вул. К. Маркса, кан.1990-х

кветкавы магазін, 2021 г.

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Вернуться на главную
div#stuning-header .dfd-stuning-header-bg-container {background-image: url(https://ivye-museum.by/wp-content/uploads/2018/11/image.png);background-color: #ffffff;background-size: cover;background-position: left bottom;background-attachment: initial;background-repeat: no-repeat;}#stuning-header div.page-title-inner {min-height: 510px;}