Нябачныя сляды мінулага

Каплічкі, невялікія культавыя пабудовы, якія стаяць пры ўездзе ў населенныя пункты, заўсёды дапаўнялі і дапаўняюць беларускі краявід.
І наша іўеўская зямля не выключэнне. Найбольш вядомыя каплічкі ў Ліпнішках, Геранёнах, Жамыслаўлі, Ганчарах, Суражы, Квяткоўцах, Чарнэлях. Усе яны датуюцца канцом ХІХ — пачаткам ХХ стагоддзяў. Яны і сёння спыняюць на сабе позірк кожнага падарожнага, нагадваюць, што акрамя матэрыяльных каштоўнасцей ёсць і духоўныя. Узводзячы гэтыя культавыя пабудовы, нашы продкі, такім чынам выказвалі сваю любоў і ўдзячнасць Богу за апеку над імі, над ўсім пасяленнем.
Але, амаль, ніхто не ведае, што і наша Іўе таксама мела падобную капліцу. Упершыню пра існаванне прыдарожнай капліцы ў Іўі мы даведаліся з успамінаў былога жыхара Іўя Канстанціна Юрэвіча, 1930 г. нараджэння, што захоўваюцца ў фондах нашага музея: “Пры вуліцы Віленскай (цяпер 1 Мая) стаяла невялікая мураваная каплічка з фігурай Пана Езуса”.
У інвентары рымска-каталіцкай парафіі Іўя ад 9 снежня 1930 года, складзеным ксяндзом Ільдэфонсам Бобічам, пасля ягонага ўступлення ў кананічнае валоданне, сярод пераліку парафіяльных капліц ёсць звесткі і аб прыдарожнай мураванай капліцы, што стаяла на канцы мястэчка пры развілцы дарог на Ліпнішкі і Суботнікі. Толькі Бобіч у апісанні зазначае, што капліца “змяшчае крыж з фігурай Збаўцы”.
Карэнная жыхарка Іўя Рэгіна Ігнацьеўна Давідовіч, якая пражывае па вуліцы 1 Мая, памятае гэтую каплічку. Дзякуючы ўспамінам жанчыны, мы паспрабавалі ўзнавіць яе выгляд. Гэта была адкрытая слупковая капліца. Пастамент быў з бутавага каменю. На ім ўзвышалася фігура прыкленчанага Хрыста з крыжам на плячах. Менавіта такая постаць нашага Збаўцы была красамоўным знакам для спрацаванага селяніна ў тым, што ўсе цяжкасці і пакуты акупяцца ўваскрасеннем. Згодна ўспамінам Рэгіны Ігнацьеўны, яна стаяла на развілцы дарог на Ліпнішкі і Урцішкі, а за ёй яшчэ хаты тры.
На чые сродкі была пабудавана капліца, калі? Гэта, нажаль, невядома. Няма звестак не аб фундатары, не аб будаўніках. Шкада, што і яна сама не захавалася да сённяшняга дня. У час атэізму знішчана частка гісторыі нашага Іўя, сведчанне мінулага для наступных пакаленняў.
Матэрыял падрыхтаваны Пазняк М.П., старшым навуковым супрацоўнікам Іўеўскага музея нацыянальных культур

УВАГА! Выкарыстанне матэрыялаў публікацыі магчыма толькі пры спасылцы на крыніцу — Іўеўскі музей нацыянальных культур
Аўтарскія правы на малюнкі належаць Селіму Ільясевічу

статуя хрыста былое ў сучасным

Вернуться на главную
div#stuning-header .dfd-stuning-header-bg-container {background-image: url(https://ivye-museum.by/wp-content/uploads/2018/11/image.png);background-color: #ffffff;background-size: cover;background-position: left bottom;background-attachment: initial;background-repeat: no-repeat;}#stuning-header div.page-title-inner {min-height: 510px;}